Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Успамін Козел (Варанко) Марыі Васільеўны

Дата: 22 октября 2021 в 10:21

Успамін Козел (Варанко) Марыі Васільеўны 

Вайна – страшная з'ява ў жыцці кожнага народа. Яна нясе холад, голад, пакуты і смерць. Вайна жахлівая тым, што яе сляды назаўсёды застаюцца ў памяці людской. Асабліва цяжка, калі яна абрынулася на дзіцячую душу, чыстую, пяшотную, трапяткую. Так і жывуць з болем у сэрцы з жудаснымі ўспамінамі тыя, каму падчас вайны было 14, 5, 10 гадоў, тыя, хто засталіся сіротамі, зведалі жахі бамбёжак, хто бачыў, як на вачах забівалі родных, блізкіх, хто рады быў чэрствай скарыначцы хлеба. А колькі дзетак так і не зведалі іншага жыцця, колькі з іх стала ахвярамі. Як можна забыць наш беларускі подзвіг, нашыя велізарныя страты, прынесеныя ў імя перамогі над самым крыважэрным і жорсткім ворагам – нямецкім фашызмам. 

З Марыяй Васільеўнай Варанко, жыхаркай вёскі Пацейкі Капыльскаго раёна Мінскай вобласці, мы сустракаемся вельмі часта. Яна ганаровы госць нашай школы. Марыю Васільеўну мы заўсёды запрашаем на нашыя школьныя ўрачыстыя мерапрыемствы. Усе мы любім слухаць яе сумныя і вясёлыя гісторыі. Бо ўмее расказаць яна прыгожа, бо Марыя Васільеўна пражыла хоць нялёгкае жыццё, але вельмі цікавае. Яна працавала заўсёды старанна, выкладала гісторыю ў школе і была намесникам дырэктара ў Пацейкаўскай сярэдняй школе. Дзяржава высока ацаніла яе працу, і ў 1970 годзе Марыя Васільеўна стала Заслужанай настаўніцай Беларусі٭. 

На пярэдадні свята Перамогі мы заўсёды спяшаемся да яе, каб з вялікім задавальненнем паслухаць чарговую гісторыю. 

– Я не ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны. Маё пакаленне называюць “дзеці вайны”, – так дзеліцца сваімі ўспамінамі пра вайну, якая аставіла цяжкі след ў яе дзіцячай пямяці , Марыя Васільеўна.  

Да Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Пацейкі налічвалася 32 двары, каля 150 жыхароў. Тут быў Сельскі Савет, сямігадовая школа, амбулаторыя, магазін, ветраны млын.  

Мірным жыццём жылі жыхары нашай вёскі. Быў пачатак мая, працы хапала, але моладзь здавалася нястоімнай. Кожны вечар, амаль да раніцы, на ўсё наваколле гучалі спевы, рогат і пералівы гармоніка. Якраз, у такі час маладые людзі пачыналі кахаць, знаходзіць сваю пару. У  гэты дзень ў вёсцы было вяселле, і з самай раніцы я з сяброўкамі пайшла гуляць. Калі я пасля абеду вярнулася дамоў, то ў хаце ўбачыла многа жанчын. На вачах у мамы заўважыла слёзы, плакалі і другія жанчыны. І ў сваёй хаце я ўпершыню ў жыцці пачула слова "вайна". Пра тое, што нямецка- фашысцкія захопнікі напвлі на нашу краіну, жыхары нашай вёскі даведаліся з выступлення па радыё ў 12 гадзін народнага камісара замежных спраў В.М. Молатава. З Мінска і Слуцка даносіліся цяжкія выбухі. Гэта фашысцкія самалёты скідвалі свій смертаносны груз на нашы мірныя гарады і вёскі. Пазней неба зацягнулі чорныя хмары дыму. 

27 чэрвеня немцы з'явіліся і ў нашай вёсцы. Але першыя фашысты, якія ступілі нанашу родную зямлю, былі знішчаны чырвонаармейцамі, якія адступалі, з дварв Катла Іосіфа. 

Ніколі не забуду дзень мабілізацыі жыхароў вёскі ў рады Чырвонай Арміі. Каля школы было шмат людзей: жанчыны, мужчыны, дзеці. Калі пачалі адпраўляць ў Капыль, пачуўся вялікі гул. Усе плакалі, крычалі. Дзеці крычалі – "Татачка; маці"– “Да пабачэння, сынок”. Для многіх гэта была апошняя сустрэча. Большасці з іх не суджана было вярнуцца. (30 чалавек з нашай вёскі не вярнулісяз вайны. Іх імёны навечна занесены ў кнігу "Памяць").   

Першую карную аперацыю фашысты правялі, калі знішчылі ўсіх цыган, якія жылі ў вёсцы. Немцы сагналі іх ў хату Радкевіча Аляксандра, рстралялі, а хату падпалілі. 

У адказ на жорсткасць фашыстаў, многія жыхары вёскі пайшлі ў партызаны, каб адпомсціць ворагу. У хуткім часе немцы пачалі расправу з партызанскімі сем'ямі. Так у 1943 годзе яны расправіліся з сям'ёй Чырко Іосіфа. З раніцы ў гэты дзень маці са старэйшым сынам пайшла ў вёску Траянава. Фашысты забілі  іх маленькіх дзяцей: Соню, Марыну, Фаіну, Зінаіду, і іх бабулю. Хату падпалілі. Таксама фашысты забілі Гурына Івана з сынам Мікалаем. Гірко Віктар, Жучкевіч Анатій, Дасько Іван вырашылі ўцячы. Калі ўцякалі кулямётная чарада абарвала іх маладое жыццё. Ім было толькі па 16 гадоў. Пры паўторным наездзе фашысты забілі і спалілі Козел Марыну з маленькім сынам і Бокач Вольгу. 

Жорсткую расправу фашысты ўчынілі над жыхарамі пасёлка Прагрэс. Атрад карнікаў рухаўся з мэтай расправы над жыхарамі вёскі Жаўлкі (Жавалкі). Партызаны, якія былі ў пасёлку, іх абстралялі. Тады карнікі вярнуліся назад ў вёскі, а на другі дзень расправіліся над жыхарамі пасёлка. Яны сагналі людзей, хто не змог схавацца, у хату Караля Мікалая і расстралялі. Усяго загінула 14 чалавек. Цудам засталіся жывымі Гірко Леанід, яго сястра Ірына, Гірко Іван, а яго 16-гадовая дачушка Фаіна і жонка былі забіты.  

У гэты дзень карнікі спалілі вёску Жаўлкі (Жавалкі). З раніцы мы чулі выбухі, а пасля абеду над вёскай успыхнула вялікае полымя пажару. Пад вечар па вуліцы нашай вёскі рухаўся абоз, на санках везлі ў Капыль накрадзенае дабро жыхароў вёскі Жаўлкі.  

Але самым страшным і памятным у маім жыцці быў дзень, калі фашысты ўчынілі расправу над маёй сям'ёй. Гэта было 12 сакавіка 1943 года. Два мае браты, Пеця і Жэня, пайшлі ў партызаны. Маці мяне вельмі моцна шкадавала і берагла, пагэтаму я часта жыла ў вёсцы Траянава, бо там немцы былі рэдка. 11 сакавіка маці прыйшла мяне наведаць. Я прасіла, каб яна забрала мяне дадому. Але, мабыць, сэрца маці чула бяду. Яна сказала, што калі заўтра ўсё будзе спакойна, то цётка Воля прывядзе мяне дадому. 

Але на заўтра з самай раніцы чуліся стрэлы. Мы ўбачылі клубы чорнага дыму. Раптам тата прыбёг дадому, ён крыкнуў: "Ратуйцеся, немцы". Мама з двухгадовым сынам і жонкай брата кінуліся ўцякаць. Дабеглі да кустоў, але немцы іх заўважылі. Тата ўжо не мог бегчы, ён схаваўся ў яме на месцы суседняй хаты (гэта хата Насевіч Надзеі, немцы спалілі яе раней). Пра тое, як фашысты расправіліся з нашай сям'ёй, нам расказаў сусед Гірко Юлій. Фашысты прывялі да хаты маму з сынам і загналі іх ў хлеў. Пачулася кулямётная чарга. Затым прывялі Вольгу з маленькім сынам. Яна не хацела ісці ў хлеў, фашысты яе штурхалі, яна падала, плакала, яе білі нагамі. Зноў пачулася кулямётная чарга.  

У гэты ж дзень загінула жонка дырэктара Траянаўскай школы Мельнікава Ганна з маленькім сынам. Мой бацька цудам  застаўся ў жывых...    Калі мы прыйшлі на папялішча, заўважылі абгарэлыя трупы. Нашы сваякі і суседзі зрабілі дамавіну, і мы ўсіх пахавалі разам. Гэткім чынам у 12 год я засталася толькі з татам. Тата выкапаў зямлянку, у якой жылі мы з жонкай майго старэйшага брата, які пайшоў на фронт. 

1 ліпеня 1944 года наша вёска была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх  захопнікаў. З вялікай радасцю сустракалі жыхары вёскі сваіх воінаў-вызваліцеляў. Выносілі ім усё, што ў каго было: малако, хлеб, яйцы. 

Пасля вызвалення я была выхаванкай дзіцячага дома ў гарадскім пасёлку Узда. Мой брат быў ранены ў партызанах, і пасля вызвалення яго не ўзялі на фронт. Ён быў назначаны дырэктарам дзіцячага дома. 

– Так, дзеткі мае, – гаварыла Марыя Васільеўна, – вайна часта ўспамінаецца. Чаго толькі мы не перажылі! І сёння самае радаснае свята – Дзень Перамогі. 

Я не магу ўявіць, што было б, калі б нашы дзяды і прадзеды не здабылі перамогу. Мусіць, не ведалі б мы цяпер нашай матчынай беларусай мовы, не цешыліся навакольным асяроддзем. А вы, рабяты, зерне, якое ўзышло на зямлі, і павінны быць удзячныя нашым вялікім папярэднікам, якія перажылі самы цяжкі жах – вайну і здабылі Перамогу. 

٭КОЗЕЛ Марыя Васільеўна. Нарадзілася ў 1930 у в. Траянава. Заслужаная настаўніца БССР (1970). У 1974 скончыла МДПІ імя М. Горкага. Працавала настаўніцай беларускай мовы i гicтopыi Астраўской школы, настаўніцай гicтopыi i завучам Пацейкаўскай СШ.  

Памяць: Капыл. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. – Мн.: Бел. навука, 2001. – 638 с. 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.